Крупскі раённы выканаўчы камітэт
Панарама горада Крупкі
Сядзібны дом кон. XIX-пач. XX стст. Марыі і Карла Свяцкіх
Прырода Крупскага раёна
Храмы Крупскага раёна
joomla

Службы і ведамствы

13.11.2019 09:45

Блізкасць падыходаў і праекты на мільярд - Лукашэнка заявіў аб намеры паглыбіць адносіны з Аўстрыяй

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 лістапада ў Вене правёў афіцыйныя перагаворы з Федэральным прэзідэнтам Аўстрыі Аляксандрам Ван дэр Беленам. Сустрэча прайшла ў вузкім і пашыраным фарматах. Аб яе выніках кіраўнік беларускай дзяржавы разам са сваім аўстрыйскім калегам расказаў прадстаўнікам СМІ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнт Беларусі падзякаваў Аляксандру Ван дэр Белену за цёплы прыём і адкрытую, змястоўную размову. "Аўстрыя - важнейшы і надзейны партнёр Беларусі ў нашай агульнай Еўропе. Мы надаём вялікае значэнне развіццю ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва і ў поўнай меры задаволены пазітыўнай дынамікай беларуска-аўстрыйскіх адносін", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

 

Пра блізкасць падыходаў

Паводле слоў беларускага лідара, праведзеныя перагаворы зноў прадэманстравалі, што падыходы краін па асноўных праблемах даволі блізкія. "Нам цікавы аўстрыйскі вопыт у многіх сферах, які цалкам можа быць прыменены ў Беларусі", - сказаў Прэзідэнт.

Беларускі бок высока цэніць намаганні Вены, накіраваныя на навядзенне мастоў паміж асноўнымі геапалітычнымі цэнтрамі, зніжэнне напружанасці ў Еўропе і свеце. Мінск ставіць такія ж мэты ў сваёй знешнепалітычнай дзейнасці. "Канстатуем, што разам здольны ўнесці важкі ўклад у аднаўленне стабільнасці і ўмацаванне міжнароднай бяспекі. Беларусь будзе ўдзячная аўстрыйскаму кіраўніцтву за падтрымку нашых ініцыятыў у гэтым напрамку", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

 

Пра падтрымку на міжнародных пляцоўках

Кіраўнік беларускай дзяржавы паведаміў, што бакі дамовіліся прадаўжаць сумесную работу ў рамках міжнародных арганізацый. Беларусь падтрымае кандыдатуру Аўстрыі на выбарах у склад непастаянных членаў Савета Бяспекі ААН на 2027-2028 гады.

Прадметна абмеркавана тэматыка аховы навакольнага асяроддзя, процідзеяння негатыўным змяненням клімату. Беларусь падтрымлівае ініцыятыву па павышэнні кліматычных амбіцый, якая вылучана Прэзідэнтам Аўстрыі, аб неабходнасці канкрэтных дзеянняў для прадухілення глабальнага кліматычнага крызісу. "Дарэчы, Мінск паслядоўна ў аднабаковым парадку ўзнімае для сябе планку па скарачэнні выкідаў парніковых газаў", - заўважыў беларускі лідар.

 

Пра адносіны па лініі ЕС і "Усходняга партнёрства"

Аляксандр Лукашэнка адзначыў падтрымку Аўстрыяй намаганняў беларускага боку па развіцці адносін з Еўрасаюзам, які з'яўляецца для Беларусі другім па значнасці гандлёвым партнёрам. "А апошнім часам, у тым ліку дзякуючы актыўнай рабоце аўстрыйскага старшынства ў 2018 годзе, ЕС становіцца для нас таксама важкім палітычным і інвестыцыйным партнёрам. Толькі за апошнія два гады аб'ём фінансавай падтрымкі Еўрапейскім інвестыцыйным банкам і Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця праектаў у беларускім дзяржсектары дасягнуў 700 млн еўра", - сказаў Прэзідэнт.

Беларусь актыўна працуе з ЕС у рамках шматлікіх праграм у сферах экалогіі, энергаэфектыўнасці, уладкавання граніц, рэгулявання міграцыі, падтрымкі дзяржкіравання. "У гэтым годзе Беларусь з Еўрасаюзам зацвердзілі праекты пагадненняў па многіх пытаннях, у тым ліку спрашчэнні выдачы віз і аб рэадмісіі. Спадзяёмся падпісаць іх у бліжэйшы час", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, Беларусь з Аўстрыяй аб'ядноўвае імкненне да развіцця "Усходняга партнёрства" як цэласнага, гібкага і эфектыўнага інструмента супрацоўніцтва ў рэгіёне, якое садзейнічае ўстойліваму развіццю і бяспецы суседзяў Еўрапейскага саюза. Пры гэтым яно не накіравана супраць інтарэсаў трэціх краін. Беларусь актыўна ўдзельнічае ў гэтым праекце і нядаўна агучыла свае прапановы па развіцці гэтай ініцыятывы пасля 2020 года.

 

Пра бізнес-кантакты і новыя праекты на мільярд

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі і Аўстрыі даўнія традыцыі паспяховага эканамічнага ўзаемадзеяння. Яшчэ ў часы Савецкага Саюза аўстрыйскі бізнес прысутнічаў у Беларусі. "Яскравы прыклад - удзел Аўстрыі ў стварэнні Беларускага металургічнага завода ў Жлобіне, які і сёння застаецца адным з флагманаў нашай прамысловасці", - дадаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што і ў сучаснай Беларусі аўстрыйскі бізнес займае даволі трывалыя пазіцыі. Каля пяцісот кампаній з Аўстрыі супрацоўнічаюць з беларускімі прадпрыемствамі, амаль сто з іх у той ці іншай форме прадстаўлены непасрэдна ў Беларусі. "Гэта сведчыць аб высокім узроўні даверу аўстрыйскага бізнесу да нашай краіны. Аўстрыя даўно і трывала ўвайшла ў лік лідараў па аб'ёме інвесціравання ў эканоміку Беларусі. Капіталаўкладанні ў нашу краіну штогод вылічваюцца сотнямі мільёнаў долараў. Напрыклад, у мінулым годзе гэта лічба склала амаль $300 млн", - сказаў Прэзідэнт.

Ён заявіў, што з удзелам аўстрыйскіх кампаній прапрацоўваюцца новыя праекты на агульную суму звыш $1 млрд.

 

Пра захаванне гістарычнай памяці

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што краіны і народы звязвае не толькі эканоміка. "Безумоўна, мы гаварылі і аб Малым Трасцянцы. Гэты лясны масіў пад Мінскам увайшоў у гісторыю як месца масавага знішчэння людзей нацысцкімі злачынцамі. Сярод ахвяр Трасцянца - больш за 10 тыс. аўстрыйскіх грамадзян, - сказаў ён. - Мы разумеем, якое вялікае значэнне мае захаванне памяці аб ахвярах халакосту для аўстрыйскага грамадства. Таму аказалі падтрымку ініцыятыве Аўстрыі аб устаноўцы ў мемарыяльным комплексе "Трасцянец" манумента "Масіў імёнаў" у памяць аб аўстрыйскіх грамадзянах, знішчаных там гітлераўцамі ў гады Другой сусветнай вайны".

"Толькі што Прэзідэнт (Аляксандр Ван дэр Белен. - Заўвага БЕЛТА) сказаў, што гэты канцлагер менш вядомы ў Аўстрыі, чым іншыя вялікія канцэнтрацыйныя лагеры Другой сусветнай вайны. Хачу вам сказаць, што нам ён вельмі быў вядомы. І мы ў гонар памяці тых загінулых грамадзян, і не толькі з Аўстрыі (там нямала было забіта грамадзян іншых краін, у тым ліку беларусаў), і не дзеля нашай дружбы з аўстрыйцамі, а задоўга да візіту кіраўнікоў вашай дзяржавы, стварылі там мемарыял", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама выказаў словы ўдзячнасці Прэзідэнту Аўстрыі аб ініцыятыве ўстанаўлення ў Малым Трасцянцы асобнага помніка загінулым грамадзянам Аўстрыі. "За тое, што ён паказаў прыклад адказнасці і прыстойнасці ў адносінах да тых, хто загінуў тады. Паказаў прыклад тым, хто павінен быў даўно гэтак жа зрабіць, як аўстрыйскае кіраўніцтва", - адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка заявіў аб важнасці прадаўжаць такое супрацоўніцтва, пашыраць кантакты навуковых і музейных устаноў, гісторыкаў, якія займаюцца тэмай Трасцянца. Ён таксама расказаў аб перадачы беларускім бокам Дому гісторыі Аўстрыі прадметаў, якія належалі аўстрыйскім грамадзянам, забітым нацыстамі ў лагеры смерці "Трасцянец". Гэтыя артэфакты былі нядаўна знойдзены ў час археалагічных раскопак.

Пры абмеркаванні гуманітарнай тэмы Аляксандр Лукашэнка ад сябе асабіста і народа Беларусі падзякаваў у асобе Федэральнага прэзідэнта ўсім аўстрыйцам, якія маюць дачыненне да аздараўлення дзяцей з рэгіёнаў Беларусі, што пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы. "Гэта высакародная дзейнасць прадаўжаецца ўжо больш як 25 гадоў і стала важным складнікам нашых дружалюбных адносін", - сказаў Прэзідэнт.

На заканчэнне ён падкрэсліў, што Беларусь шчыра зацікаўлена ў паглыбленні супрацоўніцтва з Аўстрыяй ва ўсіх сферах узаемнага інтарэсу.

"Паверце, я ведаю розныя тэндэнцыі ў ЕС у плане Беларусі. Хачу сказаць, спадар Прэзідэнт, можа, не сёння, не заўтра, але паслязаўтра дакладна вы будзеце ганарыцца тым, што некалі прыехалі ў Беларусь, паглядзелі на гэту краіну, пераканаліся, што гэта не чужая для Еўропы краіна (вы аб гэтым мне гаварылі, калі былі са сваёй жонкай) і сказалі, што тут жывуць дастойныя людзі. Вы ніколі не пашкадуеце аб гэтым. Беларусь - гэта цэнтр Еўропы, гэта еўрапейская краіна, і яе палітыка накіравана на выключна мірныя, дружалюбныя, узаемавыгадныя адносіны не толькі з суседзямі, але і з нашымі даўнімі, праверанымі сябрамі, якой з'яўляецца ваша цудоўная і багатая краіна", - рэзюмаваў беларускі лідар.

Чытаць 37 разоў